Як стала вядома "Еўрарадые", нарколагі сумесна з ДАІ прапанавалі Саўміну больш жорстка караць кіроўцаў “пад шафэ”.
Цяпер, нават калі ўсе прыкметы алкагольнага ап’янення відавочныя, але менш за 0,5 праміле, кіроўцу адпускаюць і не караюць. Начальнік рэспубліканскага ДАІ Юрый Літвін кажа "Еўрарадыё", што ў такім выпадку выносіцца заключэнне: “Усталяваны факт ужывання алкаголю, прыкметаў алкагольнага ап’янення няма”.
Юрый Літвін: "Калі да 0,5 праміле, лекары ставяць: “Усталяваны факт ужывання алкаголю, прыкметаў алкагольнага ап’янення няма”. Ну, напрыклад, 0,4 праміле, і лекар можа зрабіць такое заключэнне. Такое заключэнне не з’яўляецца прычынай, каб прыцягнуць яго да адказнасці".
Калі кіроўцу злавілі п’яным, яму пагражае штраф ад 15 да 35 базавых велічыняў і пазбаўленне правоў на тры гады. Нарколагі плануюць знізіць планку дапушчальнага алкаголю з 0,5 да 0,3 праміле. Для гэтага дастаткова выпіць бакал піва, 100-грам сухога віна, ці 30-грам гарэлкі. Дарэчы такія нормы дзейнічаюць у Расіі.
Аднак Юрый Літвін не ведае, калі дакладна будзе вырашана гэта пытанне, паколькі ў такім выпадку давядзецца змяняць пастанову Саўміна.